КВА́НТАВАЯ ЭВАЛЮ́ЦЫЯ,
форма эвалюцыі групы арганізмаў, звязаная з рэзкім пераходам яе з адной адаптыўнай зоны ў другую; канцэпцыя, якая тлумачыць высокія тэмпы эвалюцыі пры фарміраванні буйных таксонаў. Тэрмін уведзены амер. біёлагам Дж.Сімпсанам (1944). У выніку К.э. пры пасрэдніцтве жорсткага натуральнага адбору зыходная група арганізмаў страчвае прыстасаванасць да былой адаптыўнай зоны, потым або пераадольвае няўстойлівы стан («неадаптыўная фаза», «інтэрвал няўстойлівасці») і развівае комплекс прыстасаванняў да новай адаптыўнай зоны, або вымірае. К.э. тлумачыць выбуховы характар эвалюцыі многіх буйных груп арганізмаў, якія нечакана дасягалі бурнага росквіту. Напр., утварэнне ў пачатку трацічнага перыяду вял. раўнін і з’яўленне травяністых пакрытанасенных раслін, асабліва злакаў, садзейнічала прагрэсіўнай змене будовы зубной сістэмы, чэрапа, канечнасцей у капытных млекакормячых, што прывяло да рэзкага павелічэння іх колькасці, разнастайнасці форм і паўсюднага рассялення. Канцэпцыя К.э. падпадае пад сумненне многіх вучоных, якія лічаць больш верагодным паступовае асваенне арганізмамі новага навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Симпсон Дж.Г. Темпы и формы эволюции: Пер. с англ. М., 1948.
т. 8, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)